Інтэр'ер традыцыйнага жылля
Інтэр'ер жылля — гэта ўнутраная прастора, функцыянальна і эстэтычна арганізаваная. Ён уключае канструкцыю і аб'ёмныя формы ўнутранага памяшкання, яго структуру, узаемныя прапорцыі, мэбліроўку, асвятленне, убранства, мэтазгодную расстаноўку розных прадметаў, што служаць свайго роду сямейным антыкварыятам. Разнастайныя рэчы хатняга ўжытку, начынне, падсобны інвентар, мэбля, тканіны, адзенне, посуд, харчовыя прыпасы займалі ў сістэме інтэр'ера сваё звыклае, уласцівае ім месца, размяшчаліся ў пэўнай паслядоўнасці і парадку, раскрываючы шырокую панараму народнага жыцця. Інтэр'ер стварае асобы мікраклімат, настрой душы і сведчыць не толькі пра матэрыяльны, але і духоўны лад жыцця, уласцівае кожнаму народу культурнае асяроддзе, народныя звычаі і вераванні. Асобую ролю у інтэ’еры традыцыйнага жылля адыгрывалі тыя рэаліі, што выконвалі жыццёва важныя практычныя і ідэйнга-абрадавыя функцыі: печ, парог, покуць, стол, лавы, светач, абразы, ручнікі, посцілкі, кубел (ці куфар) з пасагам, святочнае адзенне, кухонны посуд, дзяжа і інш.
Да 1860-х г. вясковыя хаты ў большасці сваёй былі яшчэ курнымі. Яны мелі высокую скляпеністую (авальна-выпуклую, “гарбатую”) столь, што заканчвалася ў цэнтры невялікай адтулінай (верхнік, дымнік, душнік) і 3 невялікія валакавыя вокны, якія зачыняліся («завалакваліся») на ноч драўлянай засаўкай. Справа, радзей злева ад парога стаяла глінабітная печ. Печ не мела коміна; калі яе палілі, дым ішоў на хату і выходзіў праз верхнік (вяршок, дымнік, душнік) — адтуліну ў столі ці верхніх вянцах зруба за печкай. Пасля палення верхнік закрываўся накрыўкай ці мяшком з сенам. Частку гарачага вуголля зграбалі ў нішу-ямачку, што знаходзілася збоку каля вусця печы на прыпечку; зверху жар закрывал і слоем попелу,— у такім стане ён не згасаў да наступнай раніцы і выкарыстоўваўся для распальвання печы. Нязгасны вечны агонь хатняга ачага быў сімвалам сямейнага шчасця і дабрабыту. Калі вугалі выпадкова гаслі ў ямачцы, гэта лічылася дурной прыкметай. Старажытнае павер'е не раіла пазычаць агонь у святочныя дні па суседству з хаты ў хату, бо, як лічылася, разам з агнём да суседа магла перайсці і частка дабра і сямейнага шчасця. Агнём даражылі як сямейнай святыняй, што ўвасабляла дух продкаў. Пры пераходзе ў новую хату ў ліку першых прадметаў неслі аьразы і гаршчок з жарам. Лічылася, што дамавік (дух дому, ахоўнік хатняга ачага), жыве якраз за печчу.
Хата мела высокі парог і нізкія дзверы, што спрыяла захаванню цяпла ў зімовы час. Дзверы рабіліся з тоўстых колатых дошак і паварочваліся ў драўляных гнёздах — на бегунах.Парог лічыўся мяжой абжытай прасторы, што знаходзілася пад аховай духаў, выхадам у іншы свет. Не прынята было вітацца і падавць руку цераз парог. Спатыкнуцца аб парог лічылася таксама дрэннай прыкметай; народнае павер’е не дазваляла наступаць або садзіцца на парог, каб не наклікаць хваробы і няшчасцяў. У першы раз малады муж павінен быў ўнесці на руках цераз парог сваю жонку, каб, паводле павер’я, яна была прыязна прынята хатнімі духамі. Парог адыгрываў важную ролю ў варажбе, замовах і лекавай магіі. Згодна з павер’ем, закаханай дзяўчыне належыла працягнуць каля парога пояс ці пакласці галінку з веніка, прашаптаўшы замову, каб зачараваць суджанага, які павінен пераступіць цераз парог. Развітваючыся з роднай хатай, нявеста аддавала нізкі паклон покуці, печы і парогу.
Падлога ўяўляла сабой глінабітны ці земляны ток, на які летам у святочныя дні слалі аер. У кутку паміж парогам і печчу знаходзіўся качарэжнік (камешнік) — месца, дзе стаялі вілкі для гаршкоў (ухваты), драўляная качарга (кавеня), чапяла, памяло, мяцёлка і інш. Над вусцем печы, пад столлю, замацоўвалася жэрдка (перасоўка), на якой сушылі адзенне, тканіну.
Супраць печы каля ўвахода размяшчаўся гаспадарчы кут («бабін кут»), дзе каля дзвярэй стаяла кадушка для вады з конаўкай, далей на лаве — драўляныя вёдры, даёнка, карцы, апалушкі, сальніца, бельчык і інш. Над лавай на сцяне вісела кухонная паліца з посудам, побач — лыжачнік (драўляная планка з гнёздамі для лыжак). Каля самых дзвярэй на круку вісела паўсядзённая верхняя вопратка (світка, бурное, кажух, курта).
З другога боку печы, уздоўж глухой сцяны, на вышыні каля 1 м ад падлогі ўладкоўвалі шырокі памост (пол), з матрацам (сянніком), пуховымі падушкамі і коўдрай (посцілкай);часам памост падзяляўся на дзве часткі (мужчынскую і жаночую) ўзорным тканым дываном, ці полагам. Вышэй над полам, на ўзроўні лежака печы, быў уладкаваны больш вузкі кароткі памост – палаці, дзе звычайна адпачывалі старыя. Каля краю пола падвешвалі калыску для дзіцяці; тут жа пры неабходнасці ўладкоўвалі хадунок – свайго роду спартыўны снарад для гадавалага дзіцяці. Пад столлю ўздоўж сцен мацавалі па дзвё паралельныя жэрдкі — грады, на якіх сушылі лучыну, складвалі прылады ткацтва, кудзелі льну, маткі нітак, лыка для лапцей, аўчыны і інш. Месца пад спальным памостам (падполле) часам перагароджвалі на два адсекі: у адным захоўвалася гародніна, у другім — розныя рэчы хатняга ўжытку.
Ніжэй вокнаў уздоўж 2 сцен (амаль па ўсёй даўжыні іх) уладкоўвалі шырокія лавы, якія сходзіліся на покуці. Яны служылі за сто гадоў і былі для беларусаў двайго роду сямейнай рэліквіяй. У час наваселля лавы ўрачыста пераносіліся са старой хаты ў новую. Яны пакідаліся ў старой хаце ў тым выпадку, калі на іх паміраў хтосьці з членаў сям'і. На скрыжаванні лаў, на покуці, ставілі хлебную дзяжу, прыкрытую чыстым ручніком,— сімвал дастатку і дабрабыту.
Покуць (красны кут) — найболыш шаноўнае месца ў хаце, асвечанае ўстойлівай традыцыяй духоўнага жыцця. Яна выконвала важную ролю ў паўсядзённых звычаях і абрадах. На покуці развешвалі абразы, убраныя ўзорнымі ручнікамі (набожнікамі), нярэдка абразы памяшчалі ў бажніцу, зробленую ў выглядзе драўлянай шафкі; пучкі асвечаных у царкве жытнёвых каласоў і траў; пасля зажынак сюды ўрачыста ставілі першы нажаты сноп-“гаспадар”. У час вяселля на покуці, пад Богам, садзіліся маладыя. Калі паміраў чалавек, труну з нябожчыкам ставілі на лаву, галавой да покуці. Тут нібы злучаліся лёсы жывых і мёртвых: злева на покуці ставілі свечкі на здароўе і шчасце жывых, справа – за ўпакой душ і памінанне продкаў. Покуць сімвалічна атаясамлівалася з Усходам і Поўднем, у той час як процілеглы кут (дзе стаяла печ) — з Захадам і Поўначчу.
Найбольш устойлівая сувязь у структуры інтэр'ера — размяшчэнне покуці па дыяганалі ад печы. Гэты звычай быў уласцівы ўсім усходнеславянскім народам і адпавядаў народным уяўленням пра структуру сусвету.
На покуці стаяў засланы абрусам стол, на ім звычайна пакідалі хлеб, прыкрыты ручніком ці абрусам. За абедам у будні дзень абрус здымалі, і ўся сям'я садзілася за стол, займаючы месца ў пэўнай паслядоўнасці: на покуці — гаспадар дома, за ім — па старшынстве іншыя члены сям'і. Стол – сімвал жыцця і дастатку. Калі покуць сімвалічна атаясамлівалася з храмам, то стол – з яго алтаром. Асобае значэнне ён набываў у часы абрадавых свят. Сярод мэблі, апрача лаў, палічак, кутняга стала, шырока ўжываліся ўслоны, зэдлікі, архаічныя табурэты (у форме куба), дзіцячыя стойкі, хадуны, уласцівыя той ці іншай мясцовасці формы калысак.
У зімовы час сялянская хата ператваралася ў свайго роду фальклорны клуб. Тут збіралася моладзь на вячоркі: гульні, песні, тэатралізаваныя дзеянні чаргаваліся з прадзеннем, ткацтвам, вышываннем, вязаннем. Дзяўчаты вучыліся прасці ўжо з сямігадовага ўзросту. Па словах аднаго сучасніка, «увесь жаночы пол, колькі-небудзь здольны трымаць у руках верацяно, з ранку і да позняй ночы верціць і круціць ім ад Піліпавых загавін да вясновага Міколля». Ля кутняй сцяны ці бліжэй да парога, паміж покуццю і «бабіным кутом», ставілі кросны для ткацтва. Мужчыны у кароткія дні і па вечарах пры святле лучніка ці каганца рабілі лыжкі і посуд, плялі лапці, кошыкі, сумкі, майстравалі прылады і хатнюю мэблю, абсталёўвалі жылыя і падсобныя памяшканні.
У доўгія зімовыя вечары сялянскія хаты асвятляліся лучынай, якую замацоўвалі ў спецыяльным прыстасаванні — лучніку. Лучнікі (лучыннік, стаячок, светач, дзед, паніч) адрозніваліся паміж сабой знешняй формай і канструкцыйнымі асаблівасцямі. Яны падзяляліся на пераносныя (рухомыя) і стацыянарныя. Сярод першых вылучаліся звычайны (стаячок, паніч) і падвесны лучнік. Стаячок уяўляў сабой стойку з крыжападобнай ці суцэльнай асновай, на верхнім канцы яе замацоўваўся клямар для лучыны (пад якую ставілі карытца ці цэбар з вадой). Функцыянальна болыш зручнымі былі лучнікі, вышыня якіх, як і становішча лучыны, рэгулявалася перасоўкай. Падвесны лучнік уяўляў звычайна кароткі кій з крукам на адным канцы (якім ён чапляўся за шасток каля печы) і клямарам для лучыны — на другім.
Адметнай своеасаблівасцю адрозніваўся традыцыйны спосаб асвятлення хат на Палессі і часткова ў Цэнтральнай Беларусі, дзе быў распаўсюджаны стацыянарны лучнік — светач (свецеч, пасвет). Ён складаўся з трубы-дымахода і падвешанай пад ёй жалезнай рашоткі (залеза), дзе палілі асмол. Найбольш практычным быў сма-лісты корчык, што доўга гарэў і даваў яркае святло. Дымаход светача меў унізе расшыраную лейкападобную форму, верхняя яго частка выходзіла вонкі праз гарышча і страху. Нярэдка пад дымаходам падвешвалі ці ставілі на рашотку плошку з салам (каганец). У больш архаічных светачах (аб якіх паведамлялі нам старэйшыя жыхары Клічаўскага р-на) жалезная рашотка адсутнічала, а корчык ці трэскі палілі на ўладкаваным пад вусцем дымахода ўслончыку, абмазаным слоем гліны, ці на плоскім камені. Тут адначасова маглі і падаграваць вячэру. Стацыянарныя лучнікі былі генетычна звязаны са старажытным ачагом (агнішчам, ці вогнішчам). Ва Усходнім Палессі такія спосабы асвятлення ўжываліся яшчэ ў пачатку XX ст. Знікнуўшы, яны часткова зноў вярталіся ў сельскі побыт у час Айчыннай вайны. Да нядаўняга часу ў старых палескіх хатах можна было ўбачыць у столі насупраць печы залатаныя адтуліны, куды раней выходзіў дымаход светача.
Са светачам быў звязаны абрад «Жаніцьба коміна (або светача)». У летнюю пару (звычайна ад Вялікадня і да верасня), калі светлавы дзень быў доўгім, у лучніках і светачах не было патрэбы. Іх урачыста запальвалі толькі дзесьці ў сярэдзіне верасня (на Сымона). 3 гэтай нагоды комін-дымаход бялілі, абвівалі хмелем і ручнікамі, пасыпалі збожжам ці семем, прыгаворвалі малітвы («Надзялі госпадзі здароўечкам») і запальвалі сухую лучыну ці асмол. Калі агонь гарэў весела, жвава — гэта лічылася добрай прыкметай. У гэтую ноч моладзь гуляла ды весялілася да раніцы.
Вышэйпададзены інтэр'ер у агульных рысах адлюстроўвае найбольш тыповыя рысы, уласцівыя беларускаму жыллю, што, аднак, не вычэрпвае яго разнастайнасці, лакальных, этнаграфічных асаблівасцей. Так, уласцівая Панямонню і Заходняму Палессю тэхніка дойлідства (будаўніцтва з брусоў і так званых дыляў) дазваляла ў большай ступені выяўляць дэкаратыўныя магчымасці дрэва; звычайна сцены хат знутры мелі гладкую паверхню з выразнай тэкстурай. У Паўночна-Усходняй і часткова ў Цэнтральнай Беларусі верхнік для дыму і рэгулявання цяпла ў хаце (яшчэ — душнік) рабіўся не ў столі, а ў верхніх вянцах зруба каля печы. У некаторых раёнах Палесся колькасць вокнаў (да трох) была строга рэгламентавана народным звычаем. У залежнасці ад экалагічных умоў падлогу рабілі глінабітную, земляную або драўляную. Апошняя часцей за ўсё сустракалася ў паўночных раёнах Беларусі і на Палессі. У балоцістых ці затапляемых паводкай мясцінах (дзе жыллё нярэдка будавалі на палях) драўляная падлога была абавязковым элементам.
У Панямонні раней, чым у іншых рэгіёнах, глінабітныя печы былі заменены на цагляныя. У паўночна-ўсходняй частцы Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. разам з глінабітнымі эпізадычна сустракаліся яшчэ печы-каменкі. Пераходнай формай да «белых» былі паўкурныя печы, гарызантальны дымаход якіх выходзіў у сенцы, пасля палення вусце дымахода (з боку сенцаў) шчыльна затыкалася драўлянай цуркай ці скруткам тканіны.
Пасля адмены прыгоннага права адбываліся якасныя змены ў народным побыце і культуры, што не магло не адбіцца і на арганізацыі сялянскага жылля. Курныя печы паўсюдна замяняліся на «чыстыя», ці «белыя», з дымаходам, нярэдка яны мелі збоку, на краю прыпечка, камінак, што замяняў сабой светач: тут па вечарах палілі асмол ці лучыну. У канцы XIX ст. у сялянскім жыллі ўсё часцей з'яўляліся цагляныя печы.
Павялічыліся памеры вокнаў, што мелі зашклёныя шыбы. Падлога масцілася цёсам ці дошкамі (незалежна ад характеру мясцовых грунтоў), часам рабілі падлогу на адной палавіне хаты — ад покуці да печы, а прастора каля ўвахода (дзе размяшчаўря «бабін кут») мела глінабітны ток. Гарбатая столь саступіла месца сучаснай.
Прыкметна мянялася і мэбліроўка сялянскіх хат. Замест спальных нар (пола і палацяў) ці паралельна з імі сталі выкарыстоўваць драўляныя ложкі. У шырокі ўжытак пачалі ўваходзіць канапы, крэслы, болын сучасныя сталы, табурэты, услоны, якія паступова выцяснялі нерухомыя лавы, сталы, услончыкі на плоскай аснове (больш зручныя для земляной падлогі). Ля кутняй сцяны стаўлялі куфар для адзення, які замяняў сабой традыцыйны кубел; куфры ў розных мясцовасцях і сацыяльных групах насельніцтва выяўлялі шмат прыватных асаблівасцей у аб'ёмных формах, прикладных дэталях і дэкаратыўным аздабленні. Прыкметнай разнастайнасцю адрозніваліся дзіцячыя калыскі, шафкі, стулы, бытавы інвентар. Істотную ролю ў мастацкім афармленні інтэр'ера жылля адыгрывалі прадметы ўзорнага ткацтва — посцілкі, дываны, абрусы, ручнікі, што адлюстроўвалі багатую самабытную творчасць мясцовых майстроў.
Сцены хат нярэдка счэсвалі (склютавалі) знутры, што давала магчымасць больш поўна выявіць натуральную фактуру дрэва і яго дэкаратыўныя ўласцівасці. У асобных раёнах (Падляшша, Пасожжа) іх бялілі; часам бялілі толькі столь і верхнюю частку сцен, а асноўная плошча захоўвала свой натуральны выгляд; эстэтычнае і практычнае спалучаліся тут у розных варыянтах. У Падняпроўі і Паазер'і хаты, як і раней, будавалі з круглых бярвенняў, якія на стыках пазоў замазвалі знутры глінай або тынкавалі па ўсёй плошчы.
ЛІТАРАТУРА:
- Народная культура Беларусі: Энцык. давед. /Пад агул. рэд. В.С. Цітова; Маст. І.І. Бокі, У.М. Жук. – Мн: БелЭн, 2002. – 432 с.: іл.
- Цітоў В.С. Этнаграфічная спадчына: Беларусь: Традыцыйна-бытавая культура / В.С. Цітоў. – 2-ое выд. – Мн.: Беларусь, 2001. – 207 с. : іл.